top of page

Мікіта Забуга: Мусім ствараць аснову будучай вайсковай эліты

  • Jul 16
  • 3 min read



Беларускія дэмакратычныя сілы актыўна абмяркоўваюць пытанні бяспекі на фоне магчымай эскалацыі з тэрыторыі Беларусі. Пасля нядаўняй супольнай нарады была створана адкрытая працоўная група з удзелам Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай рады. Адначасова ў КР працягваецца дыскусія вакол праекта рэзалюцыі аб Круглым стале па пераадоленні палітычнага крызісу.


Ці сапраўды Беларусь стаіць перад рызыкай новага ўцягвання ў вайну? Ці магчымы дыялог з рэжымам Лукашэнкі і ў якім фармаце? Ці павінны беларускія дэмакратычныя сілы рыхтавацца не толькі да палітычных перамоваў, але і да розных сцэнароў развіцця падзей? І якую ролю ў гэтым павінна адыграць Беларуская вызваленчая армія?


Пра гэта пагаварылі з сябрам Каардынацыйнай рады, лідарам спіса «Воля», ініцыятарам стварэння Беларускай вызваленчай арміі, Мікітам Забугам.


РР: Нешта наспявае па сітуацыі з Украінай. З аднаго боку ёсць паведамленні пра эскалацыю. З іншага, усе рыхтуюцца да нейкага перамір’я. Адчуваецца такое раздарожжа паміж вайной і мірам. Нядаўна адбылася нарада па бяспецы, па выніках якой было абвешчана стварэнне адкрытай працоўнай групы з удзелам Офіса Ціханоўскай, АПК і Каардынацыйнай рады. На гэтай нарадзе было наўпрост абвешчана пра мажлівую эскалацыю з тэрыторыі Беларусі, пра тое, што даклад пра гэтыя засцярогі перададзены ўкраінскаму боку. Ці ўваходзіце вы ў гэтую працоўную групу і што вы наогул мяркуеце пра гэтую сітуацыю?



Мікіта Забуга: Я ў гэтай нарадзе не прымаў удзел. Я займаюся вайсковымі справамі – фармаваннем сілавога крыла. Фізічна не меў на гэта часу, бо я зараз ва Украіне. Наколькі ведаю, прымаў удзел мой калега спадар Кабанчук. Распавядаў, што ёсць ужо разуменне з боку АПК. Спадзяюся, што ім стала зразумела, што вайна – рэч, якой не пазбегуць. І трэба да гэтага рыхтавацца. Рэжым, бачыце, рыхтуецца, беларусы, як заўсёды, на год спазняюцца. Таму нацыя павінна рыхтавацца да гэтага.

РР: Улічваючы тое, што вы служыце ва Украіне, ці ёсць там нейкая інфармацыя пра магчымую эскалацыю з тэрыторыі Беларусі?

Мікіта Забуга: Я не маю дакладнай інфармацыі, якой валодае, напрыклад, СБУ, ГУР і іншыя структуры, для мяне і так зразумела, што вайна непазбежная. Уцягванне беларусаў у гэтую вайну – гэта проста непазбежна. Я думаю, што і спадар Кабанчук не мае права расказваць інфармацыю, якую ён даносіў, у тым ліку тэхнічныя моманты, дзе ён пераконваў і Офіс, і Кабінет, што трэба рыхтаваць сваё сілавое крыло з дапамогай Украіны. І наколькі я ведаю, напрыканцы гэтай сустрэчы з’явілася агульнае разуменне, што гэта рабіць трэба. Збіраць Круглыя сталы вельмі зарана – няма яшчэ ніякай сілы за спіной. Гэта гучыць, мякка кажучы, несур’ёзна.

РР: Пры ўсім гэтым, цікавая інфармацыя была агучаная на сустрэчы беларускіх і ўкраінскіх экспертаў, што Украіна рыхтуецца да ўступленне ў перамір’е, рыхтуецца да постваеннага існавання, і таму выбіраем не ўступаць у канфрантацыю з рэжымам Лукашэнкі, не мяняць яго, весці перамовы, тым больш, што Лукашэнка апошнім часам дэманструе самастойную рыторыку, адрозную ад Масквы. Як вы да гэтага ставіцеся?

Мікіта Забуга: Усё можа быць. Я аднак бачу, што за 33-ы гады кіравання, Лукашэнка прызвычаіўся хлусіць, верыць яму не мае сэнсу. Ясна, што можа быць выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Украіна мае свае стратэгічныя інтарэсы. Давайце пачнем з таго, што Украіна становіцца сур’ёзным гульцом не толькі ў Еўропе, але ўжо і ў сусвеце. У бліжэйшы час яна будзе сама вырашаць знешную палітыку. Больш тысячы кіламетраў сумеснай мяжы на поўначы, неакрэсленасць рэжыму, агрэсія да Украіны, таму думаю, што ў кожным выпадку праблема будзе вырашацца Украінай. Не думаю, што на сённяшні час Украіна ставіць стаўку на Лукашэнку. Прагматычна, у каротка часовай перспектыве, улічваючы сітуацыю на фронце, каб не разрывацца на два фронты, то часова яны могуць размаўляць з Лукашэнкам, але я думаю, што ягоны лёс ужо акрэслены. Ён у патавай сітуацыі. Што ён ні зробіць – гэта яму ў мінус.


Беларускае Радыё Рацыя


 
 
бва лога ш.png

© 2026 БВА

Мы ў сацыяльных сетках:

  • Телеграмма
  • X
  • Facebook
bottom of page