

ШТО ЎЯЎЛЯЕ САБОЙ БВА?
Беларуская вызвольная армія (БВА) — грамадска-палітычная арганізацыя, якая мае вайсковы складнік. У склад БВА асобна або калектыўна ўваходзяць прадстаўнікі шырокага кола патрыятычных сілаў: удзельнікі вайсковых і парамілітарных фармаванняў, грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, якія падзяляюць агульныя мэты і стратэгію БВА.
ЗА ШТО ЗМАГАЕЦЦА БВА?
Беларуская вызвольная армія змагаецца за аднаўленне фактычна страчанага дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, перабудовы яе ў свабодную дэмакратычную дзяржаву, якая падзяляе агульныя для беларусаў і еўрапейскай цывілізацыі каштоўнасці. Асноўная мэта БВА — вызваленне Беларусі ад гібрыднай акупацыі, звяржэнне калябарацыянісцкага антынацыянальнага рэжыму і вяртанне на радзіму мільёнаў беларусаў, гвалтоўна выгнаных рэпрэсіямі.
БВА ставіць за стратэгічную мэту далучэнне Беларусі да Еўрапейскага Звязу як гарантыі трывалага ўстойлівага мірнага суіснавання народаў Еўропы, выступае за супрацоўніцтва з NATO, у тым ліку дзеля ўдзелу ў сумесных вучэннях і місіях, фармавання войска па стандартах Альянсу дзеля забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
Сярод знешнепалітычных прыярытэтаў БВА — пашырэнне супрацоўніцтва з краінамі Балта-Чарнаморскага рэгіёну (Інтэрмарыюма) і развіццё двухбаковых і шматбаковых адносінаў з мэтай умацавання міжнароднага становішча Беларусі.
ЦІ МАЕ БВА ПАЛІТЫЧНЫЯ МЭТЫ?
БВА падтрымлівае кансалідацыю беларускіх дэмакратычных сілаў, прызнае ўнёсак палітычных цэнтраў у барацьбу з незаконным рэжымам у Беларусі, але з'яўляецца самастойнай арганізацыяй. БВА імкнецца да фармавання адзінага беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, які, безумоўна, мае палітычныя мэты, у тым ліку садзейнічанне прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў і ўдзел у фармаванні органаў улады.



НА ЯКІЯ ПРАЎНЫЯ НОРМЫ АБАПІРАЕЦЦА БВА?
БВА прызнае за прававую аснову сваёй дзейнасці палажэнні першай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 году (бязь зьменаў і дапаўненьняў), згодна зь якімі адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам сувэрэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ. Супраціў незаконнай, злачыннай уладзе рэжыму для аднаўленьня канстытуцыйнага ладу, у тым ліку з выкарыстаньнем зброі як крайняга сродку, ёсьць канстытуцыйным абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам адносіцца да дзеяньняў у стане неабходнай абароны ці крайняй неабходнасьці, то бок разглядаецца як правамочны. Таксама ў БВА маецца ўласная ўнутраная нарматыўная база: статут, афіцэрскі кодэкс, загады, распараджэньні і палажэньні па розных накірунках службовай дзейнасьці.
ЯК СТАВІЦЦА БВА ДА ВАЙНЫ ВА УКРАІНЕ?
Беларуская вызвольная армія падтрымлівае гераічную барацьбу ўкраінскага народу супраць расейскай агрэсіі і спрыяе набліжэньню перамогі Ўкраіны. Службоўцы БВА непасрэдна ваююць за свабоду ў беларускіх нацыянальных фармаваньнях ва Ўкраіне, іншыя надаюць актыўную матэрыяльна-тэхнічную, фінансавую і інфармацыйную дапамогу беларускім добраахвотнікам.
НА ЯКІХ ГІСТАРЫЧНЫХ ТРАДЫЦЫЯХ ГРУНТУЕЦЦА БВА?
Беларуская вызвольная армія грунтуецца на гістарычных традыцыях фармаваньня народнай узброенай сілы з прафэсійных вайскоўцаў і добраахвотнікаў. Для абароны краіны на беларускіх землях разам з княскай дружынай, баярамі, пазьней — шляхтай традыцыйна зьбіралася народнае войска, у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў — Паспалітае рушэньне. У вайсковую гісторыю беларусаў упісаныя традыцыі партызанскага і паўстанцкага руху, стварэньня атрадаў самаабароны, падпольля, дывэрсійных групаў, нацыянальных добраахвотніцкіх фармаваньняў. Аналіз гэтай спадчыны актыўна выкарыстоўваецца пры стварэньні БВА.

